ТРАФАЛЬГА́РСКАЯ БІ́ТВА 1805,

адна з вырашальных марскіх бітваў перыяду напалеонаўскіх войнаў. Адбылася 21.10.1805 каля мыса Трафальгар (атл. ўзбярэжжа Іспаніі недалёка ад порта Кадыс) паміж англ. (27 лінейных караблёў, камандуючы віцэ-адм. Г.Нельсан) і франка-ісп. (18 франц. і 15 ісп. лінкораў, каманд. віцэ-адм. П.​Вільнёў) эскадрамі. Франка-ісп. эскадра, заблакіраваная са жн. 1805 у раёне Кадыса караблямі Нельсана, па загадзе Напалеона I 20 кастр. рушыла з гэтага порта, каб без бою выйсці ў Міжземнае мора. Але 21 кастр. пры спробе ўхіліцца ад сутыкнення з праціўнікам павярнула на Пн, яе строй перарэзалі 2 калонамі (15 і 12 караблёў) англ. сілы, якія атакавалі цэнтр і ар’ергард калоны. У ходзе больш чым 5-гадзіннага бою франка-ісп. эскадра страціла 18 караблёў (з іх 17 захоплена) і 7 тыс. чал., англійская — 1700 чал., у т. л. Нельсана (смяротна паранены). Перамога ў гэтай бітве забяспечыла Вялікабрытаніі панаванне на моры і ўскладніла сувязь Францыі з яе калоніямі.

т. 15, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)